ШЧЫЛІНАРЭ́ЗНАЯ МАШЫ́НА,

машына для наразання шчылін шырынёй да 300 мм у мёрзлых і трывалых грунтах з мэтай падрыхтоўкі іх да распрацоўкі землярыйнымі машынамі, а таксама для шчылінавання глебы. Бываюць баравыя (рабочыя органы — бясконцыя ланцугі з разцамі, або бары) і дыскафрэзерныя (з дыскавымі фрэзамі).

Манціруюцца на базе колавых і гусенічных трактароў або ланцуговых траншэйных экскаватараў. Баравыя Ш.м. звычайна маюць 1—4 рабочыя органы, яны выкопваюць адну траншэю-шчыліну або некалькі паралельных глыб. да 1,7 м Дыскафрэзерныя больш прадукцыйныя і зносаўстойлівыя, маюць 1—3 дыскавыя фрэзы, праразаюць шчыліны глыб. да 1,1 м. Прывод рабочых органаў — ад вала адбору магутнасці трактара.

Літ.:

Купченко А.И., Вавилов А.В. Механизация мелиоративных и водохозяйственных работ. Мозырь, 2000.

В.​М.​Кандрацьеў.

Шчылінарэзныя машыны: а — з баравым рабочым органам (1 — гідрацыліндр, 2 — рэдуктар прывода рабочага органа, 3 — баравы ланцуг); б — з дыскафрэзерным рабочым органам (1 — ланцуговая перадача прывода, 2 — гідрацыліндр, 3 — дыскі з зубамі).

т. 17, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)